Выдатная вышла імпрэза. Я шла на яе з цікавымі думкамі: якія людзі прыйдуць? Як будуць сябе паводзіць? Бо, з аднаго боку, гэта ж Купалаўскі тэатр (шчыльныя шэрагі чырвоных крэслаў, праграмкі-біноклі, суханькія старушкі з белымі высокімі фрызурамі, з дзяцінства незразумела-чароўныя надпісы кшталту бельэтаж), а з другога боку — гэта ж Вольскі! Ну як можна ўявіць яго канцэрт бяз жартачкаў, бяз танцаў, хай сабе і ў праходзе, сьпеваў хорам да хрыпаты.
Месца ў мяне было ў чацьвертым шэрагу. Я азіралася ў пошуках равеснікаў, але злева сядзела жанчына ў паважаных гадах, падобная на настаўніцу белмовы на пэнсыі, разам са сваёй яшчэ сталейшай матуляй, сьпераду — нейкія немцы круцілі галовамі па баках, а справа — сямейная пара. Ну ўсё, падумала, прыйдзецца весьці сабе прыстойна, каб не сапсавалі сваімі заўвагамі ўсю маліну : )
А калі неўзабаве дзея пачалася, то я і, бадай, усе навокал забыліся на адзін аднаго. Тое, што адбывалася на сцэне было захапляльна. Працу, якую зрабіў Лявон можна параўнаць з працай ювеліра, які бярэ асобныя алмазы, аграняе іх у брылянты і робіць выкшталцонае ўпрыгожваньне, дзе кожны камень на сваім месцы ззяе аненьчыкамі.
Вершы так арганічна ўпісаліся ў музычны малюнак, ці наадварот, мноства музычных стыляў падкрэсьлівалі адметнасьці кожнага тэкста.
Я памятаю, што ў школе самым ненавісным вершам стаў для мяне, менавіта, «Пахне чабор», таму, што ў ім бясконца паўтараўся гэты радок. І калі сумны верш перад табой па сьпісу бязвыразна далдоняць дваццаць чалавек, то ўвесь сэнс губляецца сярот манатонных пахнечаборпахнечаборпахнечабор і гэта пачынае нагадваць нейкую буддыстскую мантру. Таму я з насьцярогай чакала песьні. Дарма перажывала: песенька атрымалася лёгкай і рамантычнай, якім і трэба быць успаміну пра каханьне дванаццацігадовай даўнасьці.
Маёй асабістай любоўю адразу ж стала «Скандынаўская песьня» Максіма Багдановіча. Таксама вельмі чапляе «Парушыўшы законы прыцягненьня...» Аркадзя Куляшова. Але ж, увогуле, зараз ганяю CD па колу і мармычу пад нос кожную песеньку. Вельмі добры праект атрымаўся.
Пасьля насычанага кактэйля другога аддзяленьня публіка разыйшлася, сьпяваў не толькі пераважна моладзевы гаўбец, але і больш сталы і сур'ёзны партэр. Публіка так горача дзякавала Лявону Вольскаму і музыкам. Што казаць, калі маі суседкі: бабулька і яе маці, якая ў пачатку ледзьве дабралася да свайго месца, напрыканцы ўсхапіліся, як і ўся заля, і крычалі: «А-бсэнт, я-шчэ!», яшчэ і мяне па-настаўніцкі падштурхоўвалі ў бок: «Дзяўчынка, крычыце Абсэнт!».
Дачакалася я і танцаў. Музыкаў вызвалі на біс і яны, на салодкае, ўрэзалі «Старых хіпаноў», а потым і такі чаканы маімі суседкамі «Абсэнт», а людзі танчылі, бо ўжо немагчыма было утрымацца на месцы. Столькі энергіі і пазытыўных эмоцый нам падараваў Лявон Вольскі. Дзякуй яму!
Комментариев нет:
Отправить комментарий